Канец казкі

Калядная гісторыя скончылася зусім неяк страшна. 14 студзеня 2024 году раптоўна сышоў беларускі фатограф, куратар, галерыст, пэдагог арганізатар фатаграфічнага жыцьця Беларусі Уладзімер Парфянок.
Лёгкага табе падарожжа, Валодзя! Дзякуй табе за ўсё!

Здымак Галіны Маскалёвай і Ўладдзіміра Шахлевіча

Posted in Uncategorized | Пакінуць каментар

Заместа каляднай гісторыі

Амаль адразу пасьля адкрыцьця, у краму, у якой працую, зайшлі дзьве незнаёмыя мне жанчыны: адна троху старэйшая за мяне, другая – троху маладзейшая. Трымаліся як сваячкі, з выгляду літоўскага паходжаньня. Крама гэтая спэцыялізуецца ў асноўным на рэчах з гісторыяй. Асартымэнт наш, можа, як для такога жанру ня вельмі багаты, але ён налічвае каля тысячы пазыцыяў. Аднак госьці ня вельмі азіраліся: было адчуваньне, што яны добра ведаюць па што прыйшлі. Старэйшая пачала: «Скажыце, а ці прадаеце фатаздымкі такога беларускага фатографа…», – дастала тэлефон і прачытала па складах імя, – “Ula-dzi-mir Par-fia-nok”.

– Так, прадаю.

– Добра, – кажуць, – Пакажыце іх нам.

Я дастаў са скрыні работы беларускага фатографа Уладзімера Парфянка. Жанчыны пераглядзелі іх, але тое чаго хацелі не знайшлі. Паказваюць мне на тэлефоне здымак з мужчынам, які нясе дзіцячы ложак. Кажу, не, гэтага няма: купілі тыдзень таму. Жанчыны ў адзін голас: «Як купілі? Хто купіў? Каму патрэбны чужы фатаздымак? Так і ведала!».

Спрабую тлумачыць, што ёсьць невялікі рынак фатаграфіі, які функцыянуе практычна гэтак сама як любы іншы. Канкрэтна гэты здымак добры як кампазыцыйна, так і цікавы сюжэтам, які даволі ўдала адлюстроўвае дух часу. Толькі я яе двойчы паказваў на выставах (прычым адна зь іх прайшла ў Нацыянальнай мастацкай Галерэі), ён шмат разоў публікаваўся, таму ў яго можа быць і цана і пакупнік.

Старэйшая госьця бяз сіл апусьцілася на крэсла і пачала плакаць. Такая моцная эмоцыя зьдзівіла мяне. Усё ж не арыгінал Ёзафа Судэка з-пад рук уплыў. Сьлёзы ня толькі знак роспачы і бездапаможнасьці, але і зброя, якая паралізуе волю ў навакольных. Я зьбянтэжыўся і ня ведаў як на ўсё рэагаваць і далей працягваў тлумачыць, што фатаграфія тыражная тэхніка і ў канкрэтным выпадку ня варта перажываць, бо ў мяне ёсьць яшчэ копія гэтай фатаграфіі, проста яе трэба забраць з выставы.

Спакойны тон часам робіць цуды, мае візыцёркі крыху супакоіліся і ў два галасы расказалі, што на здымку муж старэйшай і адпаведна бацька малодшай. Нясе дзіцячы ложак для дачкі, якая вось цяпер ня ведае, што рабіць якой сёньня за трыццаць. Звалі хлопца Ігнас, і ён памёр зусім маладым, калі дачцэ было дзесьці 2 года і яна практычна ня памятае бацьку. На здымку, па словах удавы,  ён выглядае даволі натуральна для сябе, а ў сувязі з тым, што ён сышоў да таго моманту, як масавая фатаграфія прыйшла ў Літву, таму гэта бадай адзіны ягоны здымак у нефармальнай абстаноўцы.

Фатаграфію гэтую пабачылі на сайце Vilniaus Radijas (я з гэтым мэдыя доўга сварыўся за крэдытсы), там жа прачыталі маё паведамленьне пра продаж прынтоў, таму і прыйшлі. Жанчыны ціскалі мяне, абдымалі, плакалі і казалі, што я пасланьнік нябёсаў. Магчыма такім і зьяўляюся. Уся сцэнка падфарбоўвалася той акалічнасьцю, што за пару дзён да гэтай гісторыі я ўпаў у ваннай і ў мяне моцна балелі рэбры. Але ўсё адбывалася на такім уздыме і з такой спантаннасьцю, што ўварочвацца ад шчырых і нечакана моцных поціскаў не выходзіла. Памяць бяз болю не бывае, праўда ж?

Я на той момант зрабіў можа два дзясяткі выставаў, але ўпершыню сутыкнуўся з тым, што гэтая, звычайна няўдзячная праца прынесла штосьці больш важнае за слабае суцяшэньне для замучанага нэўрозамі аўтара. На той момант, па шэрагу прычын, я прыняў рашэньне завязаць з арганізацыяй чужых выставак, і тут раптам такі знак. Яго можна інтэрпрэтаваць у залежнасьці ад досьведу і душэўнай арганізацыі па рознаму, але ад відавочнага назіраньня, што мастак ня можа дакладна ведаць канечных адрасатаў сваёй працы, як і таго, калі і пры якіх абставінах адбудзецца гэтая сустрэча – адкруціцца складана.

Posted in Вільня, гісторыя фатаграфіі, эканоміка | Tagged , , , | 3 каментарыя

нататкі на палях

У выніку мноства неспадзяваных зьбегаў акалічнасьцяў летам здарылася паўдзельнічаць у майстар-клясе па вырабу (прадукаваньню) фотаграм на матэрыялах fuji instax.

Вядома, фарматы гэтых пасьцінак сьціплыя, але для ўводзінаў у сьвет каляровай фотаграмы і клішэ-вэр — гэтага дастаткова. Да таго ж працэс не вымагае складаных маніпуляцыяў ў цёмным пакоі.

Самым важным вынікам было тое, што пераканаўся на практыцы ў тым, што матэрыялы instax самі па сабе вельмі прыгожыя, яркі, з чыстымі насычанымі колерамі, і толькі мутная оптыка танных апаратаў надзейна хавае гэтае хараство ад нас.

Posted in Uncategorized | Tagged , , , | 3 каментарыя

Бягучае

Да анталёгіі дадаўся верш Зянона “Фатаграфуе Ян Булгак”

Далей
Posted in Uncategorized | Пакінуць каментар

Бэнэдыкт Генрык Тышкевіч на аўкцыёне Ars Via

На віленскім аўкцыёне Ars Via даволі часта выстаўляюцца на продаж работы графа Бэнэдыкта Генрыка Тышкевіча. Як разумею, ясны правэнанс работ толкам ня ведаюць пакупнікі (прынамсі так мне казалі ў прыватных размовах), але найбольш верагодна, што фатаграфіі паходзяць з францускіх антыкварыятаў і барахолак.

Гэтым разам аўкцыяністы зрабілі вялікую справу: правялі фізычны аналіз арыгіналу. Аказалася, што гэта карбонавы друк (яшчэ гэтую тэхніку называюць вугляродным друкам). Мэтад, нават на сёньняшніх мерках, даволі складаны, але ніякіх пазнак або зьвестак пра тое, ці фатограф карыстаўся аўсорсынгам – няма.

У канкрэтна гэтай фатаграфіі сур’ёзная стартавая цана (1600€) і статус нацыянальнай культурнай каштоўнасьці Літвы, які абмяжоўвае вываз за межы краіны. Але Бэнэдыкт Генрык Тышкевіч даволі актыўна і доўга працаваў як фатограф, што практычна азначае ня толькі вялікі каталёг, але і некаторыя наклады. З чаго можна зрабіць выснову, што калі хто рэгулярна праглядае лякальныя антыкварныя пляцоўкі Францыі, мае шанец папоўніць Catalogue raisonné песьняра вёскі Вялая.

Posted in Uncategorized | Пакінуць каментар

IV Віленскі Фестываль аналягавай фатаграфіі і кіно

У жніўні-кастрычніку 2021 году ў чацвёрты раз пройдзе Віленскі Фестываль аналягавай фатаграфіі і кіно. Сёлета яго тэма Decay ака Распад.

Мне здаецца, тэма блізкая для многіх фатографаў, якія не знайшлі сабе месца ў індустрыі моды і дакументаваньні ўрачыстасцяў)

Умовы ўдзелу — па спасылцы.
Каму зручней праз фэйсбук — тут

Калі коратка тэхнічныя патрабаваньні наступныя

аналагавы друк, слайды павінны быць падрыхтаваныя да паказу, аб’екты павінны працаваць аўтаномна
Дэдлай 30 жніўня

Платы за ўдзел няма


Posted in Uncategorized | Пакінуць каментар

Выстава бяскамернай фатаграфіі ў Магілёве

Магілёўскі музэй Бяліцкага-Бірулі быў першым мастацкім музеем, які я наведаў у сваім жыцці. У сярэдзіне 1980-ых гэта была новая пляцоўка, і я туды рэгулярна езьдзіў разам з гуртком маляваньня, які сяк-так дзейнічаў пры ДК заводу імя Кірава.

Апрача мэмарыяльнай часткі, колькі пакояў сьціплай прасторы прыхаванага за старымі ліпамі асабняка, аддаваліся пад часовыя выставы, у тым ліку, калектыўныя мясцовай дзіцячай мастацкай школы. Я помню, разглядаў работы гарадзкіх дзяцей, і ясна разумеў, што ў мяне, перавучнага ляўшуна з рабочай ускраіны, няма ніякіх шанцаў выставіцца тут.

Калі з месяц таму мне сказалі, што існуе гіпатэтычная магчымасьць паказаць маю выставу «Кветкі. Яблыкі. Грушы» ў музэі Бялыніцкага-Бірулі, то ня вельмі паверыў. Нават калі ўявіць, што сацыяльныя ліфты змазаны належным чынам і спраўна працуюць, я ўсё ж застаюся хлопцам з раёну Кірава, які ў сваёй артыстычнай кар’еры рухаецца сьцежкамі далёкімі ад магістральных шляхоў, таму кожны раз зь некаторым скепсісам рэагую на падобныя навіны. Але плякат надрукаваны, выстава развешаная, і тое, пра што ня мог марыць, раптам стала неад’емнай часткай рэчаіснасьці.

Дзякуй
дырэктару музэя Сьвятлане Вікеньцьеўне Строгінай за гасціннасць
Аляксандру Ліціну за клопаты

Блізкім – за падтрымку і дапамогу

Выстава працуе па 4 ліпеня 2021 году
Магілёў, вул. Ленінская 37

Posted in Uncategorized | Tagged , , , | Пакінуць каментар

«Кветкі, яблыкі, грушы». Ліст да гледача



Да 5 чэрвеня 2021 у Музэі Майстэрні Заіра Азгура будзе ісьці мая выстава бяскамернай фатаграфіі «Кветкі, яблыкі, грушы».

Куратар Уладзімер Парфянок
Афармленне работ выканаў Вадзім Шамкоў
Вельмі моцна паспрыяў і дапамог Дэйнюс Юнявічус



Так склалаліся абставіны, што цалкам выставу я ня бачыў: частка яе была падрыхтавана яшчэ да каранцінаў для зусім іншай галерэі, частку афармлялі ўжо сёлета. У сувязі з абмежаваньнямі, прыехаць у Беларусь у мяне няма магчымасьці, таму любімы жанр “ліст да гледача” атрымаў некаторую дадатковую вагу

Фота: Уладзімер Парфянок

Ліст да гледача

Выстава «Кветкі, яблыкі, грушы» нарадзілася з майго інтарэсу да бяскамернай (cameraless) фатаграфіі, які нечакана (у першую чаргу для мяне) перарос у слаба кантралюемую абцэсію.

Далей
Posted in Працэсы, выставы | Tagged , , | Пакінуць каментар

Нечаканае

На kufar.by напаткаў аб’яву аматара-фотадрукара. Друкуе адбіткі сьціплых памераў, але на сапраўдную паперу і даволі даступна (за адбітак фарматам 13х18 просіць троху больш за эўра).

Сама аб’ява тут. Ня ведаю, як доўга прапанова будзе актуальнай.

Posted in эканоміка | Пакінуць каментар

Instant photographers not found

Instant photographers not found

Фэнамэн старога Polaroid палягаў ня толькі ў тым, што ягоны заснавальнік Эдвін Ланд быў добрым інжынэрам з разьвітай дзелавой хваткай, але таксама і ў тым, што ў яго атрымалася збудаваць вакол фірмы верную супольнасьць прафэсійных (і ня толькі) фатографаў. Пасьля банкруцтва Polaroid самым яе вялікім актывам была карпаратыўная калекцыя фатаграфіі, у якой былі работы ад Энсэла Адамса да Эндзі Ўоргала.

Сёньня, па службовай патрэбе палез шукаць, ці хто зь вядомых аўтараў здымае на fuji instax. Адзінае, што знайшоў на сайце Fuji — старонку з 404 памылкай.
Instant photographers not found.

Posted in гісторыя фатаграфіі | Tagged , | Пакінуць каментар